Лукашэнка кажа, што Беларусі дорага каштуе трымаць палітвязняў

Сяргей Ціханоўскі паказвае свой партрэт да зняволення / прэс-служба Ціханоўскай
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дыпведамстваў Беларусі 31 ліпеня звярнуўся да тэмы палітвязняў.
Ён паведаміў, што яго крытыкуюць за вызваленне палітвязняў, і пачаў апраўдвацца. Паводле Лукашэнкі за вызваленне палітвязняў яго крытыкуюць палітуцекачы: "Зразумела, ім лішнія раты там не патрэбныя. Таму што, калі мы кагосьці вызваляем, умова адна, хто б мяне пра гэта ні прасіў (у асноўным амерыканцы): хочаце — на здароўе, забірайце, вывозьце. Нашым беглым гэта трэба?".
Лукашэнка заявіў, быццам на перамовах з ЗША прапаноўваў вызваліць некалькі тысяч чалавек, асуджаных за розныя злачынствы. Але, маўляў, амерыканцы адмовіліся.
Таксама ён расказаў, што патрабаваў ад ЗША што-небудзь у абмен на вызваленне палітвязняў, але не лічыць гэта гандлем людзьмі: "Я катэгарычна быў супраць, як яны кажуць — абмен. Гэта мяне амерыканцы навучылі. На перамовах яны прама пра гэта гаварылі. Я кажу: "Хлопцы, гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Хочаце — забірайце. Што наўзамен?" — "Мы падумаем". — "Ідзіце думайце".
Каб супакоіць тых сваіх прыхільнікаў, хто незадаволены вызваленнем палітвязняў, Лукашэнка заявіў, што іх утрыманне дорага каштуе. Пры гэтым ён прызнаўся, што паглядзеў інтэрв'ю Сяргея Ціханоўскага. "Мы іх што, будзем тут карміць бясплатна, апранаць і іншае? Я глядзеў толькі частку інтэрв'ю гэтага збеглага. Ён так і не сказаў, што над ім тут здзекаваліся, правы чалавека парушалі. Ён хацеў гэта з сябе выціснуць, але гэтага няма. Але гэта нятанна каштуе", — сказаў ён.
Наколькі дорага абыходзіцца дзяржаве ўтрыманне палітвязняў, можна меркаваць, супаставіўшы партрэты Сяргея Ціханоўскага да зняволення і пасля вызвалення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.