Лукашэнка хоча пабудаваць у В'етнаме станцыі метро "Мінская" і "Беларуская"

Да канца года ў В'етнаме плануецца стварыць сумесную вытворчасць грузавой тэхнікі МАЗ, а ў перспектыве — новую вытворчасць гарадскіх пасажырскіх аўтобусаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам В'етнама Чан Дай Куангам.
Па яго словах, якія перадае прэс-служба кіраўніка Беларусі, супрацоўніцтва беларускага завода БелАЗ з в'етнамскай карпарацыяй "Вінакомін" ды іншымі кампаніямі надасць дадатковы імпульс развіццю здабывальнага сектара в'етнамскай эканомікі.
Таксама Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць таго, каб беларускія спецыялісты ўдзельнічалі ў разнастайных праектах ва В'етнаме — у будаўніцтве метро, тунэляў, распрацоўцы нафтавых і горных нетраў.
Кіраўнік Беларусі паведаміў, што прадстаўніцтва кампаніі "Мінскметрапраект" ужо працуе ў В'етнаме. "Яно гатовае ўзяцца за праекты любой складанасці. Чаму б нам не спраектаваць станцыі метро "Мінская" ў Ханоі і "Беларуская" ў Хашыміне?" — прапанаваў Лукашэнка.
Па выніках сустрэчы ён паведаміў, што мэта Беларусі і В'етнама на бліжэйшыя год-два — дасягненне тавараабароту ў 0,5 млрд долараў.