Лукашэнка абяцае "сур'ёзнае перафарматаванне" ўсёй спартыўнай сферы

Лукашэнка абяцае "сур'ёзнае перафарматаванне" ўсёй спартыўнай сферы

Спартыўную сферу чакае сур'ёзнае перафарматаванне. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 траўня, калі даваў згоду на прызначэнне Сяргея Рэпкіна рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсё больш людзей у Беларусі пачынаюць займацца масавым спортам. "Але, на жаль, спорту высокіх дасягненняў менш стала. Вось у чым уся праблема. Сёння спартыўныя спаборніцтвы на чэмпіянатах свету, Еўропы — гэта не гульня. Гэта нават не змаганне. Гэта — бітва. Іншага не дадзена", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Пасля гэтага Лукашэнка чарговы раз раскрытыкаваў беларускіх хакеістаў. Як вядома, на сёлетнім чэмпіянаце свету яны пакуль што не атрымалі ніводнай перамогі. "Вы павінны ведаць, што мы пачынаем сур'ёзнае перафарматаванне, калі не капітальную ўстраску, усёй сферы спорту. Мы не можам далей трываць гэта", — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Ён таксама звярнуў увагу на важнасць граматнага падбору кадраў ў спартыўнай сферы. Лукашэнка назваў ненармальнай сітуацыю, калі ў некаторых спартыўных федэрацыях функцыянеры атрымліваюць высокія заробкі, а высокіх вынікаў няма. "Стаўку трэба рабіць на сваіх трэнераў, на сваіх хлопцаў, рыхтаваць іх трэба на месцах. А гэта ўжо ваша будучая праца", — даў ён даручэнне новаму рэктару. 

Рэпкін у сваю чаргу заявіў, што навуковая база, якая засталася яшчэ з часоў Савецкага Саюза, шмат у чым вычарпала сябе. Таму універсітэт адчувае патрэбу ў істотным абнаўленні навуковых кадраў.

У адказ Лукашэнка пагадзіўся, што пакінуць трэба толькі "тыя элементы, якія нам патрэбныя. Усё астатняе павінна быць новае".