Літва вырашыла адкрыць мяжу з Беларуссю раней за запланаваны час

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота / VSAT

Урад Літвы на пасяджэнні 19 лістапада вырашыў адкрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, часова закрытыя тры тыдні таму.

"Улічваючы рашэнні Нацыянальнай камісіі бяспекі, прынятыя 18 лістапада гэтага года, што абставіны змяніліся і абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы, вызначаныя 29 кастрычніка 2025 г. ( ... ) больш не з'яўляюцца неабходнымі для забеспячэння ўнутранай бяспекі, мэтазгодна адмяніць абмежаванні, устаноўленыя згаданай пастановай (...)", — перадае LRT выступ міністра унутраных спраў Уладзіслава Кандратовіча на пасяджэнні.

Паведамляецца, што пункты пропуску "Мядзінінкай" і "Шальчынкай" будуць адкрытыя ўжо з чацвярга, 20 лістапада.

Напярэдадні літоўскія ўлады паведамілі, што закрытыя пункты пропуску на мяжы могуць адкрыць раней за вызначаны тэрмін 30 лістапада. Прэм'ер-міністр Інга Ругінене спаслалася на рэкамендацыю Камісіі па нацыянальнай бяспецы, якая адзначыла скарачэнне патоку кантрабандысцкіх аэрастатаў і адсутнасць перашкод у працы Віленскага аэрапорта.

Паводле Ругінене, падрыхтоўка да адкрыцця мяжы зойме адзін дзень. Пры гэтым кіраўніца літоўскага ўрада падкрэсліла, што пры павышэнні ўзроўню пагрозы мяжа будзе зноў закрытая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.