Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту за прылёт дрона "Гербера"

МЗС Літвы

МЗС Літвы / ELTA

Міністэрства замежных спраў Літвы перадало Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з тым, што на тэрыторыю краіны заляцеў дрон "Гербера".

"МЗС Літвы патрабуе, каб Беларусь як мага хутчэй дала тлумачэнні ў сувязі з гэтым інцыдэнтам і прыняла меры, каб падобнае не паўтарылася“, — заявілі ў літоўскім знешнепалітычным ведамстве.

Кіраўнік літоўскага МЗС Кястуціс Будрыс заявіў пра адказнасць Беларусі, якая дапускае, што ў Літву залятаюць ваенныя дроны. Ён адзначыў, што ў ў Літвы не было магчымасці хутка ідэнтыфікаваць аб'ект, таму давялося падымаць паветраную паліцыю. Міністр не выключае, што гэта быў адзін з дронаў, якія выкарыстоўвае Расія ў вайне супраць Украіны.

"Вядома, ёсць службы, якія збіраюць і ацэньваюць гэтую інфармацыю, высвятляюць усю карціну —так, верагодна, гэты інцыдэнт звязаны з Украінай, адзін з дронаў, якія выкарыстоўваліся ў групе, заляцеў у Літву. Але ёсць адзін момант: гэтым разам справу мелі з муляжом, наступным разам ужо можа быць не муляж“, — перадае DELFI словы Будрыса.

Інцыдэнт здарыўся 10 ліпеня. Першапачаткова літоўскі бок падазраваў, што праз мяжу ляціць дрон-камікадзэ "Шахед", якія Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. Пазней літоўскія памежнікі заявілі, што беспілотнік па форме нагадвае самаробны самалёт. У ім апазналі дрон "Гербера", які расіяне выкарыстоўваюць, каб падмануць украінскую СПА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.