У Літве расказалі, колькі грошай вылучаюць на Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

У Літве пасля выхаду на волю Сяргея Ціханоўскага актвізаваліся дыкусіі пра тое, у якую суму мясцовым падаткаплатнікам абыходзіцца Офіс Святланы Ціханоўскай. Некаторыя сцвярджаюць, быццам лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў атрымлівае ад урада штомесячную рэнту ў 35 тысяч еўра.

У Міністэрстве замежных спраў Літвы мясцоваму выданню LRT паведамілі, што ўрад краіны толькі забяспечвае бяспеку Ціханоўскай. Таксама Літва падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы Беларусі, бо бачыць у гэтым пытанне сваёй нацыянальнай бяспекі.

"Ні офіс, ні С. Ціханоўская не атрымліваюць ніякіх сродкаў ад Літвы. Літоўская дзяржава па добрай волі забяспечвае бяспеку С. Ціханоўскай, бо яна з'яўляецца асноўнай мішэнню рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама аказвае палітычную падтрымку. Літоўскія дыпламаты, калі ёсць магчымасць, часта даюць лагістычную дапамогу падчас міжнародных візітаў", — каментуе Ганна Красуліна, прэс-сакратарка Ціханоўскай.

Паводле яе, ніхто з супрацоўнікаў офіса і валанцёраў не атрымліваюць заробку ад літоўскай дзяржавы. Дзейнасць офіса фінансуецца за кошт сродкаў ЕС і прыватных ахвяраванняў, а Літва аказвае найперш палітычную падтрымку.

Як паведамляецца ў літоўскім Цэнтры рэгістраў, у 2023 годзе даход юрыдычнай асобы, якая кіруе офісам Ціханоўскай у Літве, склаў 122 929 еўра.

Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі кажа, што ў Офісе працуюць каля 30-40 чалавек,  прычым не ўсе з іх знаходзяцца на поўнай занятасці. Толькі невялікая частка супрацоўнікаў мае працоўныя дамовы, астатнія працуюць па дагаворах індывідуальнай занятасці.

Супрацоўнікі Офіса жывуць на "заробкі або ганарары ў рамках праектаў, якія рэалізуюцца", дадае Кучынскі. Прычым заробкі ў іх ніжэйшыя за сярэднія ў Літве — блізу 2000 еўра да выліку падаткаў.

Журналісты LRT запыталі ў МЗС, ці аплачвае Літва, як сцвярджае Кучынскі, жыллё Ціханоўскай. У адказе МЗС гаворыцца, што ведамства "не можа пракаментаваць гэтыя сцвярджэнні, бо гэта не адносіцца да кампетэнцыі МЗС".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.