Літва можа адкрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада
На беларуска-літоўскай мяжы / vsat.lrv.lt
Літва магла б адкрыць два закрытыя пункты на мяжы з Беларуссю яшчэ да 30 лістапада. Разгледзець такую магчымасць прапанаваў літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс.
"Я лічу, што мы павінны кіравацца тымі ж прычынамі і параметрамі, па якіх прымаліся рашэнні", — заявіў журналістам у панядзелак кіраўнік літоўскай дыпламатыі. Як адзначае выданне LRT, гэта быў адказ на пытанне, ці могуць памежныя пункты быць адкрытыя раней, чым вырашыў урад.
"Мы глядзім, што адбываецца ў небе і на зямлі, функцыянуем мы ці не. Задача ніколі не была дасягнуць чагосьці да пэўнай даты або ставіць нейкія асаблівыя мэты. Мэта — прадухіліць гібрыдныя атакі, якія здзяйсняюцца супраць нас, каб рэжым змяніў свае паводзіны", — падкрэсліў Будрыс.
Памежныя пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай на мяжы з Беларуссю літоўскія ўлады закрылі напрыканцы кастрычніка. Гэта адбылося пасля масавага запуску метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія стваралі пагрозу для грамадзянскай авіяцыі. За тыдзень аэрапорты ў Вільні і Коўне былі вымушаныя зачыняцца чатыры разы. Кіраўніцтва Літвы лічыць гэтыя акцыі гібрыднай атакай, якая вядзецца з ведама рэжыму Лукашэнкі. У адказ афіцыйны Мінск забараніў літоўскім грузавікам, якія засталіся на тэрыторыі краіны, вяртацца ў Літву іншым шляхам, акрамя ўчастку беларуска-літоўскай мяжы.
Цяпер, як запэўнівае Будрыс, сітуацыя з паветранымі шарамі знаходзіцца пад кантролем. Літоўскія аэрапорты працуюць нават у дні, калі метэаўмовы спрыяльныя для запуску кантрабандных аэрастатаў з тэрыторыі Беларусі.