Былы амбасадар ЗША ў Беларусі: Вільня мусіць пачаць размаўляць з Мінскам

Амерыканскі дыпламат Джордж Крол

Амерыканскі дыпламат Джордж Крол / https://ratel.kz/

Вярнуць свае цяжкавікі Літва зможа толькі пачаўшы дыялог з Мінскам. У гэтым перакананы былы амбасадар ЗША у Беларусі Джордж Крол

“Для таго, каб дайсці да нейкага пагаднення аб адкрыцці мяжы, спатрэбіўся б нейкі дыялог або абмеркаванне непасрэдна з беларускімі ўладамі. Гэта азначала б, што Літва мусіла б адкрыць сваю мяжу. І зноў жа — я не ведаю, што спатрэбілася б, каб урады дзвюх краін пачалі перамовы, але відавочна, што беларускі ўрад кантралюе сітуацыю з уласнага боку, а літоўскі — з свайго”, — кажа дыпламат.

Крол мяркуе, што сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы шодзіць як Беларусі, так і Літве:

“Такім чынам, можна было б убачыць узаемную выгаду ў змяншэнні напружанасці і спробе вырашыць гэтую праблему на мяжы. Хаця, магчыма, гэта і не вырашыць асноўную праблему — у адносінах паміж урадамі саміх Беларусі і Літвы”.

Джордж Крол не выключае, што пасярэднікам у пераадоленні канфлікта паміж Мінскам і Вільняй могуць стаць ЗША.

Супрацьстаянне паміж Вільняй і Мінскам цягнецца некалькі тыдняў. Прычынай сталі метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія масава запускаюцца ў Літву з тэрыторыі Беларусі і праз што Літва шмат разоў закрывала аэрапорты ў Вільні і Коўне. У Літве іх палічылі гібрыднай атакай і ў адказ закрылі мяжу з Беларуссю. Лукашэнка ў сваю чаргу заблакаваў у Беларусі фуры на літоўскіх нумарах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.