Літоўскія памежнікі высадзілі сям'ю з аўтобуса Мінск-Вільня

Памежнік правярае дакументы ў аўтобусе

Памежнік правярае дакументы ў аўтобусе / vsat.lrv.lt

Літоўскія памежнікі высадзілі з аўтобуса Мінск — Вільня сем грамадзян Расіі. Яны спрабавалі перасячы мяжу паводле падробленых дакументаў. Пра гэты выпадак расказалі ў літоўскай Службе аховы дзяржаўнай мяжы.

Інцыдэнт здарыўся ўвечары 29 верасня ў пункце пропуску "Мядзінінкай" (з беларускага боку — "Каменны Лог").

Правяраючы дакументы, памежнікі звярнулі ўвагу на сямейную пару з Чачні (РФ) ды іх пяцярых дзяцей. Бацькі паказалі расійскія пашпарты і дазволы на часовае пражыванне дзяцей у Іспаніі тэрмінам на пяць гадоў — да жніўня 2029 года.

Памежнікі даследавалі дакументы з дапамогай спецыяльнага абсталявання і выявілі падробку. "Высветлілася, што ахоўная сетка, мікратэкст, рэквізіты і іх запаўненне не адпавядалі арыгіналу, УФ-абарона не адпавядала вызначанаму ўзору, аптычна зменныя фарбы былі падробленымі, а асабістая і другасная фатаграфіі былі зробленыя на лазерным прынтары",дзеляцца падрабязнасцямі ў літоўскай памежнай службе.

Таксама ў расійскіх пашпартах падарожнікаў памежнікі выявілі падробленыя пячаткі з датамі прыбыцця і вылету з аэрапорта Барселоны.

Расіянін распавёў, што дакументы на часовае пражыванне ў Іспаніі атрымаў ад стрыечнага брата, які пражывае ў Германіі. Той адправіў яму дакументы па пошце праз Турцыю. За фальшывыя дакументы і штампы ён заплаціў каля пяці тысяч еўра.

Кіроўца аўтобуса расказаў, што сям'я з пяццю дзецьмі з набытымі квіткамі селі на станцыі Ашмяны. Усіх іх высадзілі з аўтобуса і вярнулі ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.