Ксяндзу Анджэю Юхневічу прысудзілі 13 гадоў зняволення

Ксёндз Анджэй Юхневіч асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі / katolik.life
Ксяндза Анджэя Юхневіча, пробашча санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, асудзілі на 13 гадоў зняволення. Закрыты працэс завяршыўся 30 красавіка ў судзе ў Шуміліне. Бок абвінавачання патрабаваў для яго 15 гадоў пазбаўлення волі.
Афіцыйных звестак пра суд няма, у чым канкрэтна абвінавацілі святара-палітвязня — невядома, піша katolik.life. З раскладу суда вынікала, што Юхневічу інкрымінавалі тры крымінальныя артыкулы, якія тычацца палавых зносін з непаўналетнімі. (Затрымалі ж Юхневіча год таму па абвінавачанні ў "экстрэмізме".)
Як даведаліся вернікі, святар цалкам адмаўляў абвінавачванні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць. Паводле іх словаў, абвінавачванне будавалася на паказаннях адной ці некалькіх "ахвяраў". І не выключана, што сведчанні былі дадзеныя пад ціскам. Вернікі кажуць, што гаворка ў справе святара ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны.
Сам ксёндз на судзе трымаўся ў добрым стане духу.
Анджэй Юхневіч стаў другім святаром, асуджаным у Беларусі на вялікі тэрмін зняволення. Перад гэтым на 11 гадоў па абвінавачанні ў "шпіянажы" быў асуджаны ксёндз Генрых Акалатовіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.