“Крумкачы” знайшлі спонсара, які аддае клубу ўсю восеньскую выручку

“Крумкачы” знайшлі спонсара, які аддае клубу ўсю сваю восеньскую выручку. Кампанія “ОБКстандарт” праніклася камандным духам мінскай каманды і вырашыла ёй дапамагчы, паведамляе прэс-служба ФК “Крумкачы”. На рахунак футбольнага клуба перавядуць увесь прыбытак ад кожнай прададзенай з верасня да лістапада каністры маторнага масла Texaco Havoline.
Як вядома, ФК “Крумкачы” апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы, з-за чаго каманду пакінула вялікая група гульцоў. Аднак у чэмпіянаце Беларусі “Крумкачы” выступаюць някепска, нядаўна аслабленым складам абыгралі ў гасцях БАТЭ. Каб дагуляць чэмпіянат, на сайце talaka.by клуб абвесціў збор сродкаў. З неабходнай сумы больш за 124 тысячы рублёў ужо сабрана каля 18 тысяч (14%).