"Крэветачную мафію" выкрыла беларуская мытня

Затрыманне перавозчыка / Мытны камітэт
Супрацоўнікі Аператыўнай і Гродзенскай рэгіянальнай мытняў перакрылі канал нелегальнай пастаўкі чырвонай рыбы і крэветак з Еўрасаюза.
Пастаўку тавару па падробленых ветэрынарных сертыфікатах Даніі арганізавалі шэраг беларускіх фірмаў, заяўляюць у Мытным камітэце. Для ўвозу прадукцыі выкарыстоўвалі перавозчыкаў з краін Балтыі. Мытнікі выявілі больш за 130 такіх паставак.
Аператыўная мытня пачала крымінальную справу за кантрабанду. Падазраванымі па ёй прызнаныя 12 грамадзян Беларусі і Літвы. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Мытнікі арыштавалі аўтамабілі і валюту зламыснікаў. Агульны кошт арыштаванай маёмасці ацэньваецца больш як на 800 тысяч рублёў. На відэа бачна, што затрыманне адбывалася даволі жорстка.
Кантрабанду ацанілі на агульную суму каля 42 мільёнаў рублёў. За падачу несапраўдных дакументаў пры ўвозе чырвонай рыбы і крэветак больш за 40 перавозчыкаў Літвы і Эстоніі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. "Арыштаваная маёмасць у кошт забеспячэння выплаты штрафаў не менш за 4 млн рублёў", — заяўляюць у Мытным камітэце.
Цяпер мытнікі працягваюць выяўляць іншых удзельнікаў злачыннай схемы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.