Крэдытны махляр з Барысава падмануў сама меней 25 чалавек

Барысаўскі раённы аддзел Следчага камітэту расследуе крымінальную справу ў дачыненні раней судзімага жыхара Мінскай вобласці, які падазраецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Міншчыне Таццяна Беланог, у праваахоўныя органы звярнуліся грамадзяне з заявай аб крэдытным махлярстве.

26-гадовы мужчына прадстаўляўся кіраўніком фірмы, якая існавала толькі на паперы, а затым угаворваў малазнаёмых грамадзян узяць на сябе крэдыты. За гэтую паслугі ён у якасці падзякі аддаваў ім траціну атрыманых ад банка грошай, а затым абяцаў выплочваць працэнты і ўсю суму крэдыта. Памеры пазыкаў складалі ад 20 да 40 мільёнаў рублёў.

Цягам першага месяцу мужчына плаціў працэнты і падтрымліваў сувязь са сваімі ахвярамі, але потым знікаў. За некалькі месяцаў ён падмануў такім чынам сама меней 25 чалавек. Людзі атрымалі ў васьмі банках Барысава крэдыты на агульную суму ў 1 мільярд рублёў.

Апроч таго, ёсць звесткі пра злачынствы гэтага махляра ў іншых абласцях Беларусі.