Кошт нафты расце: Brent ужо амаль 50 долараў

23 студзеня на Нью-Ёркскай фондавай біржы сакавіцкія ф’ючэрсы на лёгкую нафту WTI падаражэлі на 1,77%, або на 1,10 долара — да 47,13 долара за барэль. Пікавая цана на таргах дасягала $47,76. Кошт на гатунак Brent вырас на 1,9% — да 49,43 долара за барэль. Падчас таргоў кошт на нафту гэтай маркі падбіралася ўшчыльную да $50 за барэль, дасягнуўшы на піку $49,80, інфармуе РІА "Новости".

“Боязь невядомага падтрымае цэны на нафту. Кароль Абдула быў архітэктарам дзеючай стратэгіі, што прадугледжвае падтрыманне высокага аб’ёму здабычы і выцясненне больш дробных гульцоў замест скарачэння здабычы”, — распавёў Reuters партнёр Again Capital LLC ў Нью-Ёрку Джон Кілдаф, дадаўшы, што новы кароль вядомы як абаронца інтарэсаў Саудаўскай Аравіі, таму рынак чакае, што краіна не будзе зніжаць здабычу.

Змена кіраўніка Саудаўскай Аравіі, лідэра АПЕК, адбылася на фоне найбуйнейшых за некалькі дзясяткаў гадоў пераменаў на сусветным рынку нафты: ЗША сталі адным з лідараў здабычы, якая перавысіла 9 мільёнаў барэляў у суткі за кошт сланцавай нафты, а кошты за апошнія паўгода ўпалі больш чым удвая. Тым не менш, на нарадзе ў лістападзе АПЕК пад ціскам Саудаўскай Аравіі не стала зніжаць здабычу, каб захаваць долю сусветнага рынку.

Запасы нафты ў ЗША на мінулым тыдні выраслі на 10,1 мільёна барэляў да максімальнага для гэтага часу года аб'ёму за апошнія 80 гадоў, паведаміла Упраўленне энергетычнай інфармацыі.

Фота: Fotolia