Колькасць работнікаў БЧ з 2021-га скарацілася больш як на 4000 чалавек

Чыгуначны вакзал у Мінску

Чыгуначны вакзал у Мінску

Агульная колькасць супрацоўнікаў Беларускай чыгункі за чатыры гады скарацілася на 4 427 чалавек. Пра гэта піша Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, якая прааналізавала статыстыку.

У 2021 годзе ў структуры Беларускай чыгункі працавала 62 517 чалавек (без уліку неасноўнай дзейнасці), а ў 2025 годзе — 58 090.

Прычым па ўсіх аддзяленнях Белчыгункі было скарочана 3545 работнікаў. А ў арганізацыях і структурах, якія адносяцца да асноўнай дзейнасці, але не ўваходзяць у аддзяленні БЧ, было скарочана толькі 882 работнікі. Гэта такія структуры, як упраўленне БЧ "Белінтэртранс", "Гомельчыгунтранс", Галоўны разліковы інфармацыйны цэнтр, "Белчыгунснаб" "Рэмпуць" БЧ, цэнтр механізацыі пуцявых работ, рэйказварачны цягнік №10 станцыі Орша, а таксама адасобленыя падраздзяленні — ваенізаваная ахова, цэнтр дыягностыкі аб'ектаў інфраструктуры, канструктарска-тэхнічны цэнтр, рэдакцыя газеты "Чыгуначнік Беларусі", цэнтр абароны інфармацыі, цэнтр распрацоўкі нарматываў для арганізацыі і нармавання працы, цэнтр навукова-тэхнічнай інфармацыі, дарожны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэннію кваліфікацыі кадраў.

Акрамя таго ў Белчыгункі ёсць і неасноўная дзейнасць. Да яе адносяцца такія арганізацыі, як "Белтрансаўтаматыка", інстытут "Белчыгунпраект", "Дарводаканал", а таксама сельскагаспадарчыя прадпрыемствы "Свіцязь", "Радзежскае", "Авангард", "Рачковічы", "Улішыцы-Агра" і "Выдрэя". Звесткі па скарачэнні ў гэтых арганізацыях не ўлічваліся.

У Супольнасці чыгуначнікаў адзначаюць, што звесткі па колькасці работніка Белчыгункі сталі закрытымі пасля 2020 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.