Кітай павышае мытныя пошліны на амерыканскія тавары да 84%

Пастаўка кітайскіх тавараў, ілюстрацыйнае фота

Пастаўка кітайскіх тавараў, ілюстрацыйнае фота / infotrans.by

Кітай з 10 красавіка павышае мытныя пошліны на амерыканскія тавары да 84%. Адпаведнае рашэнне прыняла камісія па тарыфах Дзяржаўнага савета КНР, перадае кітайскае інфармагенцтва "Сіньхуа".

На мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра ўвядзенне мытных пошлін на пастаўкі тавараў з большасці краін. Пад павышаныя пошліны трапіў і Кітай. У адказ КНР увяла пошліны 34% на пастаўку амерыканскіх тавараў. Гэта выклікала абвал цэн на рынку нафты.

Трамп назваў кітайскія дзеянні памылкай і павысіў пошліны для тавараў з Кітая на 50%. Пекін пайшоў на сіметрычны крок і падняў свае пошліны на такую ж велічыню. У заяве афіцыйнага Пекіна гаворыцца, што рашэнне ЗША сур'ёзна ўшчамляе законныя правы і інтарэсы Кітая, наносіць сур'ёзны ўрон шматбаковай гандлёвай сістэме і аказвае сур'ёзны ўплыў на стабільнасць сусветнага эканамічнага парадку.

"Кітай заклікае ЗША неадкладна выправіць сваю няправільную практыку, адмяніць усе аднабаковыя тарыфныя меры супраць Кітая і належным чынам вырашыць рознагалоссі з Кітаем з дапамогай раўнапраўнага дыялогу на аснове ўзаемнай павагі", — падкрэсліваецца ў заяве.

Тым часам Дональд Трамп на сустрэчы з чальцамі Рэспубліканскай партыі ЗША заявіў, што кіраўнікі іншых краін "цалуюць яго ў дупу" і тэлефануюць яму, каб дамовіцца аб зніжэнні ўведзеных тарыфаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.