Кіраўнікоў буйных прыватных кампаній будуць зацвярджаць у райвыканкамах

Дзмітрый Крутой

Дзмітрый Крутой / Міністэрства эканомікі

Кіраўнікоў кампаній усіх формаў уласнасці (у тым ліку прыватных), а таксама мясцовых тэрытарыяльных органаў (акрамя КДБ) будзе щзгадняць старшыня райвыканкамаў. Адпаведная норма ўнесеная ў праект указа Лукашэнкі, які плануецца прыняць да 1 сакавіка.

Такую меру прапанаваў Лукашэнка ў лістападзе 2024-га. "Старшыня ёсць старшыня. Ён павінен займацца ўсім. Нічога страшнага, калі ён у нейкім сэнсе будзе прызначаць, зацвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структур. Тады і ўплыў будзе ў іх на гэта", — казаў ён.

Цяпер справа дайшла да афіцыйнага дакумента.

Старшыня райвыканкама будзе ўзгадняць кіраўнікоў ключавых арганізацый раёна ўсіх формаў уласнасці ў адпаведнасці з пералікам, які зацвердзіць сам выканкам. Пра гэта БЕЛТА рпасказаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой. Пад узгадненне не будуць трапляць невялікія арганізацыі накшталт цырульні і аптэкі. "Гэта пералік кампаній, арганізацый, якія ёсць у раёне і якія сапраўды ўплываюць з пункту гледжання бюджэтных даходаў, інвестыцыйнай актыўнасці і занятасці насельніцтва", — патлумачыў чыноўнік.

Таксама Крутой заявіў, што прыватныя арганізацыі будуць прыцягвацца да мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, у тым ліку з "фінансава ёмістымі выдаткамі". Падобныя меры, дарэчы, у раёнах негалосна выкарыстоўваюцца і цяпер. Аднак на будучыню для такіх арганізацый абяцаюць зрабіць падатковыя паслабленні: выдаткі на добраўпарадкаванне яны змогуць уключыць у пазарэалізацыйныя выдаткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.