Сельская гаспадарка на Лідчыне: "Практычна па ўсіх пазіцыях дынаміка адмоўная"

Нарада ў Лідскім райвыканкаме / lidanews.by
У Лідскім райвыканкаме падвялі вынікі працы сельскай гаспадаркі за мінулы год. На нараду сабралі кіраўніцтва і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктараў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. Прысутнічаў старшыня райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.
Кіраўніца аддзела вытворчасці сельгаспрадукцыі Алена Каханоўская спачатку гаварыла пра пазітыў. Таго ж малака вырабілі больш. Але пасля чыноўніца пачала расказваць пра сумныя рэаліі. Пра тое, што "колькасць кароў у некаторых гаспадарках вымушана прыйшлося скараціць". Вялікія пытанні да якасці малака, праз што ў гаспадарак "вялізныя фінансавыя страты". Сёлета на Лідчыне збіраюцца "зрабіць высновы па выпраўленні сітуацыі".
Праблемы ў гаспадарак і з узнаўленнем статка. "Практычна па ўсіх пазіцыях... дынаміка адмоўная", — піша раённая газета. Прысутным паведамілі, што "падобнае ў гэтым годзе проста недапушчальна!".
А яшчэ на нарадзе агучылі вынікі "маніторынгу" сітуацыі ў адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Там выявілі парушэнні і ў працоўнай дысцыпліне, і ў выкананні тэхналогіі вытворчасці, і ў пытанні парадку каля фермаў. Чыноўнікі паабяцалі праверыць і іншыя гаспадаркі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.