Хваля судовых адставак ахапіла Малдову падчас праверкі непадкупнасці

Суд, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Малдове адбываюцца масавыя адстаўкі суддзяў.
Як піша newsmaker.md, 3 чэрвеня Вышэйшы савет магістратуры (ВСМ) разгледзіць заявы аб адстаўцы дзесяці суддзяў з Кішынёва, Бельцаў, Ялавен, Дроке, Рызіны, Крыўлян, Сарок і Едзінцоў.
Гэта адбываецца на фоне праверкі прафесійнай этыкі і непадкупнасці (Vetting), якая праходзіць у краіне. На пачатку траўня ВСМ прыняў адстаўку 20 суддзяў Апеляцыйнай палаты (АП) Кішынёва. Яны адмовіліся ўдзельнічаць у гэтай праверцы.
Спікер парламента Ігар Гросу паведаміў, што ад пачатку праверкі судовую сістэму пакінулі каля 140 суддзяў. Агулам у краіне, паводле яго, 450-500 суддзяў. "Некаторыя сышлі, таму што не прайшлі ветынг, іншыя — па ўласным жаданні", — удакладніў палітык. Атрымліваецца, што ў адстаўку пайшоў амаль кожны трэці суддзя.
Кіраўнік парламента выказаў надзею, што месцы не застануцца вакантнымі надоўга і ў судовую сістэму прыйдуць новыя людзі. "Цяпер важна, каб прыйшлі новыя, маладыя сілы. Спадзяемся, што яны зразумеюць наколькі гэта цяжкая праца і адказнасць, што ад іх чакаюць многага. Таму што мы не плануем імпартаваць суддзяў", — заявіў Гросу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.