Кавярню з партрэтам Сталіна знеслі ў Гомелі

Кавярня з партрэтам Сталіна ў Гомелі

Кавярня з партрэтам Сталіна ў Гомелі / "Флагшток"

Гомельскі прадпрымальнік-"ябацька" Віталь Драбышэўскі абвінаваціў кіраўніцтва горада і вобласці ў знішчэнні бізнесу па палітычных матывах. Нагодай стаў знос яго кавярні, дзе красаваўся партрэт Сталіна.

17 чэрвеня Драбышэўскі выклаў у сацсетках відэазварот да Лукашэнкі, зняты на фоне знесенай кавярні каля Цэнтральнага рынку ў Гомелі. Як піша "Флагшток", гэтую кавярню даўно запланавалі знесці пры перабудове сквера каля рынку, каб паставіць тут дадатковую паркоўку.

У сваім звароце Драбышэўскі заявіў, што яго "як патрыёта, як прадпрымальніка-дзяржаўніка знішчаюць па палітычных матывах". Ён заявіў, што раней хадзіў на прыём да кіраўніка вобласці Івана Крупко, каб захаваць сваю кавярню. Чыноўнік, маўляў, паабяцаў паставіць кропку ў гэтым пытанні: "А ў выніку проста дачакаліся, пакуль скончыцца тэрмін арэнды зямельнага ўчастка, і пазбавілі мяне яго, фактычна адбылося рабаванне са знішчэннем маёй маёмасці, пад пакрывальніцтвам супрацоўнікаў міліцыі".

У тэкставым звароце пад відэа прадпрымальнік звярнуўся да Лукашэнкі: "Аляксандр Рыгоравіч, я хачу жыць у той краіне, пра якую вы расказваеце і спрабуеце зрабіць, а не з гэтымі важнымі чыноўнікамі, якім няма справы ні да вас, ні да грамадзян, суцэльная хлусня, паказушніцтва і карупцыя!"

У відэа ён заявіў, быццам кавярню знеслі за тое, што ён "абараняў памяць пра Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна". Таксама ён абурыўся, што пры разборы кавярні рабочыя кінулі на зямлю чырвоныя і зялёныя сцягі. Драбышэўскі звярнуўся з гэтай нагоды да прысутных міліцыянтаў, а тыя загадалі выключыць камеру.

Кавярню з партрэтам Сталіна знеслі ў Гомелі
Драбышэўскі (справа) ў штабе камандзіра АМАП Дзмітрыя Балабы / сацсеткі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.