Касіць траву ў Мінску прапануюць студэнтам

Касец / "Мінск-Навіны"
У Мінску недастаткова рабочых для пакосу травы. На пасяджэнні працоўнай групы па пытаннях утрымання і добраўпарадкавання горада ў Мінгарвыканкаме 20 чэрвеня абмяркоўвалася карэкціроўкаі прынятых раней графікаў пакосу травы на гарадскіх тэрыторыях, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва "Мінск-Навіны".
Сёлета Лукашэнка загадаў, каб вышыня травы нават на прыватных участках не перавышала вышыні ў 20 см. Людзі ў сацсетках адразу сталі здымаць фота і відэа, як на грамадскіх тэрыторыях гэтая норма не выконваецца.
Намесніца гендырэктара дзяржаб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Анастасія Вараб'ёва сказала, што скошванне травы праводзіцца пры дасягненні вышыні 10-15 см, але не радзей як адзін раз у месяц. Але падчас маніторынгу былі выяўленыя ўчасткі з вышынёй травы да 80 см.
У раённых ЖКГ і "Зелянбудах" спаслаліся на недахоп касцоў, многія з якіх з'яўзляюцца сумяшчальнікамі, а таму працуюць толькі 4 гадзіны ў дзень. Таксама заявілі аб праблемах з тэхнікай і пра тое, што графікі першапачаткова былі зарыентаваныя на касьбу адзін раз у месяц.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун адказаў, што графікі трэба карэктаваць у адпаведнасці з сітуацыяй. Чыноўнік прапанаваў прыцягнуць да працы студэнтаў: "Калі чалавек спраўляецца з працай, то не прынцыпова — з'яўляецца яна для яго асноўнай або дадатковай. Можна прыцягнуць на дапамогу і студатрадаўцаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.