Камунальнікі адказалі, ці ўключаць батарэі ў сувязі з пахаладаннем

Батарэя, ілюстрацыйнае фота

Батарэя, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

У кватэрах беларусаў ужо адключылі батарэі. Але пасля нядаўняга пацяплення зноў адбылося рэзкае пахаладанне. Ці ўключаць батарэі хаця б не на поўную магутнасць? З такім пытаннем у рэдакцыю “Аргументов и фактов” звярнулася мінчанка.

Адказваючы ёй, галоўны інжынер "ЖЭУ № 1 Заводскага раёна г. Мінска” Максім Крышнёў нагадаў, што ў жылых дамах ацяпленне ўключаюць, калі на працягу трох дзён сярэднясутачная тэмпература паветра складае да +8 градусаў. Калі ж сярэднясутачная тэмпература цягам трох дзён запар перавышае гэты паказчык, ацяпленне адключаюць. 

Паводле Крышнёва, тэарэтычна батарэі пасля адключэння могуць зноў уключыць з-за раптоўных халадоў. Але рашэнне пра гэта павінны прыняць мясцовыя ўлады, “улічваючы прагнозы метэаролагаў і тэхнічную гатоўнасць сістэмы”

Згодна з прагнозам, на гэтым тыдні не чакаюцца высокія тэмпературы паветра, надвор'е будзе вельмі няўстойлівым, з вельмі ўмераным тэмпературным фонам і невялікім пераўвільгатненнем. 

Сёлета ацяпляльны сезон у Беларусі завяршыўся ў сярэдзіне красавіка. Летась падачу цяпла спынілі на пачатку красавіка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.