"Каманда разбітая". Былая супрацоўніца BYSOL пра рашэнне па Стрыжаку

Андрэй Стрыжак / Еўрарадыё
24 верасня стала вядома, што Андрэй Стрыжак застанецца працаваць у BYSOL пасля скандалу з дзікпікамі, якія ён высылаў беларускім актывісткам. Пасля гэтага рашэння арганізацыю пакінула трое супрацоўнікаў.
Фонд BYSOL апошнія два месяцы праводзіў ўнутранае разбіральніцтва. Для забеспячэння аб'ектыўнасці ён правёў шэраг кансультацый са знешнімі экспертамі, якія спецыялізуюцца на тэме пераследаў і злоўжыванняў уладай. Фонд таксама прызначыў спецыяльную камісію для збору інфармацыі ад сведак паводзін Стрыжака.
Сам Андрэй на гэты перыяд быў адхілены ад кіруючай пасады і прадстаўніцкіх функцый.
Еўрарадыё паразмаўляла з Аняй Дапшэвічутэ, экс-аперацыйнай дырэктаркай BYSOL і ўдзельніцай камісіі па разглядзе кейса Стрыжака.
"Мне здаецца гэта непрымальным"
— Чаму вы вырашылі пакінуць BYSOL?
— Я вырашыла сысці з каманды, таму што на сённяшні дзень унутраныя працэсы ў корані разыходзяцца з маімі ўласнымі каштоўнасцямі. Пасля ўсёй сітуацыі з кейсам харассмента і таго, як прайшоў унутры каманды працэс прыняцця фінальнага рашэння, і пасля ўсяго таго, што заявіў Андрэй.

Рашэнне ўнутры камісіі прымалася ў цалкам "здаровым" фармаце. Працэс пайшоў "не туды" ў момант, калі рашэнне было агучана Андрэю. Ён не змог прыняць яго, хоць і публічна заяўляў пра тое, што "рашэнне камісіі будзе для яго абавязковым да выканання". Гэта не мае фантазіі, ён сам пісаў пра гэта ў сябе ў Фэйсбуку.
— Калі ўсё гэта адбылося летам, здавалася, што ён прымае сітуацыю, былі нават чуткі пра яго новую працу. Чаму, калі было агучана рашэнне, ён вырашыў усё перагледзець?
— Калі шчыра, у мяне ў галаве такія ж пытанні. Так, летам усё было моцна спакайней, Андрэй выяўляў прыкметы дамоваздольнасці адназначна. Але ў моманце, пасля агучвання вынікаў працы камісіі, падчас розных камандных сустрэч мы сутыкнуліся з цалкам процілеглай сітуацыяй. Я не чакала такой колькасці маніпуляцый, калі шчыра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.