Калі можна атрымаць адпачынак грашыма? Растлумачылі ў Мінпрацы

Адпачынак
Адпачынкавыя дні можна замяніць грашовай кампенсацыяй, але толькі ў асобных выпадках, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
"Кампенсацыя замест адпачынку магчымая, калі работніка адклікалі з адпачынку, і ён ужо выкарыстаў не менш за 14 каляндарных дзён адпачынку ў гэтым годзе", — тлумачаць у ведамстве.
Таксама грашовую кампенсацыю за нявыкарыстаныя дні адпачынку можна атрымаць пры звальненні — у такім разе яна выплачваецца за ўсе дні, якія засталіся.
Калі ж з адпачынку вас не вярталі прымусова, і звальняцца вы не збіраецеся, то адпачываць прыйдзецца па-сапраўднаму — не менш за 21 дзень. Астатнія дні можна папрасіць замяніць на грашовую кампенсацыю.
"І толькі ў тым выпадку, калі адпачынак не прадастаўляецца авансам і такі варыянт задавальняе наймальніка", — дадаюць у Мінпрацы.
Каму не дадуць грошы замест адпачынку? Працоўныя шкодных і небяспечных вытворчасцяў, работнікі ў зонах радыеактыўнага забруджвання, цяжарныя жанчыны і непаўналетнія — усе яны абавязкова павінны скарыстацца поўным адпачынкам. Грашовая замена для іх не прадугледжана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.