Грузін ашукаў беларускіх жанчын на 12 тысяч долараў
Шлюбнага аферыста затрымалі ў аэрапорце "Мінск-2".
У аэрапорце "Мінск-2" затрымалі 48-гадовага грамадзяніна Грузіі Бачука Цібуа. Ён працяглы час знаходзіўся ў міжнародным вышуку. Мужчыну знялі з самалёта, які ляцеў па маршруце Масква — Мінск — Тбілісі. Са сталіцы грузіна завезлі ў Гомель. Там ў яго адносінах раней былі распачатыя 4 крымінальныя справы за "серыйнае махлярства".
Як інфармуе прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці, грузіна ў Гомель у канцы мінулага года запрасіла мясцовая жыхарка, з якой яны пазнаёміліся ў сацсетцы. У горадзе ён здабыў давер яшчэ двух жанчын. Ён завалодаў не толькі іх грашовымі сродкамі, але і залатымі вырабамі. Агульная сума страт — больш за 12 тысяч долараў.
Не выключана, што ахвяр махляра больш, паколькі ён "гастраляваў" па розных краінах СНД, у тым ліку і ва Украіне.
Фота: uvd.gomel.by