Грузчык стукнуў сябе кавалкам асфальту па галаве, каб імітаваць абрабаванне
Крымінальную справу на маладога чалавека перадалі ў суд.
У Лельчыцах 20-гадовага грузчыка вінавацяць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу — крадзеж і заведама ілжывы данос пра злачынства, злучаны са штучным стварэннем доказаў абвінавачвання.
Як паведамляе БЕЛТА, 29 верасня загадчыца ўніверсама ў Лелчыцах даручыла грузчыкам занесці ў касу Лельчыцкага райпо 6 млн рублёў. Гэтыя грошы былі выплачаныя пакупнікамі па таварных крэдытах.
Грузчык схаваў грошы ў лесе на ўскрайку Лельчыцаў. Потым ён выкінуў свой партманет, кавалкам асфальту некалькі разоў стукнуў сябе па галаве, металічнай пласцінай парэзаў куртку. Малады чалавек затэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што на яго напалі тры невядомыя юнакі, пасадзілі яго ў "Мэрсэдэс", вывезлі за межы Лельчыцаў, збілі і забралі казённыя грошы.
Аднак следчыя не знайшлі доказаў нападу на юнака, і справу пачалі на яго самога. Тады і выявілася справа з імітацыяй рабавання. Дарэчы, Пры расследаванні высветлілася, што загадчыца ўніверсама сістэматычна перадавала грошы ў касу праз грузчыка, хаця ён не быў матэрыяльна адказнай асобай.
Пракурор накіраваў крымінальную справу ў суд.
Фота — my-ivanovo.ru