Гродзенскія махляры набылі тры дублёнкі за 4,5 долара

На гродзенскім крытым рынку махляры набылі тры дублёнкі за 4,5 долара ў эквіваленце. Яны выдалі прадаўцу дзве купюры нібыта ў 500 еўра і ён не адразу зразумеў, што яго ашукалі. Рэч у тым, што такая купюра выйшла ў абарачэнне зусім нядаўна і нямногія ведаюць, як яна выглядае. Гэтым і скарысталіся зламыснікі і падсунулі прадаўцу дзве купюры вартасцю 500 зімбабвійскіх долараў.

У гэтай краіне вельмі высокая інфляцыя, таму нават мільён долараў адной паперкай там не рэдкасць. Гэтыя грашовыя знакі вельмі любяць набываць турысты ў якасці сувеніраў. Прычым, калі перавесці гэтыя знакі ў долары ЗША, то атрымаюцца вельмі мізэрныя сумы.

Крыху падкарэктаваўшы купюры, зламыснікі выдалі іх за еўра і расплаціліся за пакупку. Гаспадар павільёну пазней разгледзеў грошы і звярнуўся ў міліцыю. Цяпер праваахоўнікі шукаюць махляроў, інфармуе прэс-служба Гродзенскай абласной міліцыі.