Гродзенскі аліментшчык напаў з нажом на судовага выканаўцу

40-гадовы жыхар Гродна напаў з нажом на судовага выканаўцу прымусовага выканання, бо не пагадзіўся з памерам утрыманых з заробку аліментаў. Ён утрымліваў 34-гадовую жанчыну рукой і пагражаў забойствам, прыставіўшы нож да яе горла.

Інцыдэнт здарыўся ў пятніцу, 10 ліпеня, прыкладна ў 17.30 у судзе Ленінскага раёна Гродна. На месца адразу прыбылі супрацоўнікі Ленінскага аддзелу Дэпартамента аховы МУС. На просьбу спыніць свае агрэсіўныя дзеянні мужчына не адрэагаваў, таму адзін з міліцыянтаў прыцэльна стрэліў яму ў руку. Пасля гэтага нападніка затрымалі.

Раненне было нескладаным і шпіталізацыя не спатрэбілася. Падазраваны ўзяты пад варту. Раней ён не меў судзімасцяў.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за гвалт у дачыненні службовай асобы, якая выконвае свае службовыя абавязкі. Прызначаны шэраг экспертызаў, дзеянням мужчыны даюць прававую ацэнку, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.