Германія часова прыпыняе выдачу гуманітарных візаў

Германія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Германія часова прыпыняе выдачу віз замежнікам, якім неабходная абарона па гуманітарных прычынах. Адпаведная абвестка з'явілася 23 ліпеня на сайце міністэрства ўнутраных справаў краіны.
Раней такую візу маглі атрымаць людзі, што апынуліся пад пагрозай пераследу за сваю антываенную, праваабарончую ці дэмакратычную дзейнасць у Беларусі, Расеі ці Іране.
Як адзначае расійская праваабарончая ініцыятыва "Ковчег", падчас фармавання ўрада ў 2025 годзе ў Германіі абмяркоўвалі спыненне шэрагу праграм. Аднак пра гуманітарныя візы для палітуцекачоў з Беларусі і Расіі асобна не згадвалі. Тым не менш, цяпер гэтую праграму спынілі разам з іншымі падобнымі ініцыятывамі — напрыклад, праграмамі для грамадзян Афганістана і Сірыі.
Рашэнне не закране тых, хто ўжо змог прыехаць у Германію па гэтай праграме, кажа праваабаронца і заснавальніца "Ковчега" Анастасія Буракова. Аднак новыя заявы прымацца не будуць, а лёс тых, што знаходзяцца на разглядзе, пакуль незразумелы.
Амбасада Германіі ў Мінску з 2020 па 2024 год выдала беларусам 267 гуманітарных віз, адзначае DW са спасылкай на Міністэрства замежных спраў ФРГ. У 2020 годзе іх колькасць была нулявой, а найбольшая колькасць гуманітарных віз (125) была выдадзеная ў 2022-м.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.