Генсек NATO: вайна ва Украіне ўвайшла ў крытычную фазу
Генсек NATO Енс Столтэнберг папярэджвае, што Расія не адмовілася ад планаў акупацыі Украіны і рыхтуе новы ўдар. Пасля перагрупоўкі сіл РФ яго збіраецца нанесці на ўсходзе і поўдні Украіны.
"У бліжэйшыя тыдні мы чакаем спробаў расійскіх войскаў прасунуцца ва ўсходніх і паўднёвых частках Украіны з мэтай заваяваць увесь Данбас і стварыць наземны калідор да акупаванага Крыма, — цытуе словы Столтэнберга "Бі-Бі-Сі". — Так што вайна ўвайшла ў крытычную фазу".
Генсек NATO не выключае, што трагедыя ўкраінскага горада Буча наўрад ці будзе адзінкавым фактам ваенных злачынстваў расійскай арміі. Столтэнберг заявіў, што калі расійскія войскі адступяць і з іншых украінскіх тэрыторый, то і там могуць быць "масавыя пахаванні, сведчанні зверстваў і вайсковых злачынстваў".
NATO зноў пацвердзіла, што падтрымка Украіны працягнецца.