Генпракуратура заявіла, што яна правядзе праверку абставін смерці Бандарэнкі

Генпракуратура заявіла, што яна правядзе праверку абставін смерці Бандарэнкі

Генпракуратура Беларусі заявіла, што яна правядзе праверку абставін смерці Рамана Бандарэнкі. Дагэтуль ёй займаўся Следчы камітэт, які распаўсюдзіў інфармацыю (што мужчына быў п'яны), якую абверглі медыкі.

"Па рашэнні генеральнага пракурора далейшыя працэсуальныя дзеянні ў мэтах высвятлення абставін смерці Рамана Бандарэнкі праводзіць Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь", — заявіў у пятніцу яе аддзел інфармацыі.

31-гадовы мінчук Раман Бандарэнка 12 лістапада памёр у Бальніцы хуткай меддапамогі. Увечары ў сераду яго збілі невядомыя ў масках на "Плошчы Перамен" у сталіцы, дзе яны зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. Бандарэнку затрымалі і завезлі на мікрааўтобусе ў РУУС Цэнтральнага раёна, а туды праз некалькі гадзін была выклікана хуткая. Выратаваць жыццё мужчыне, які быў у коме, не ўдалося. 

СК назваў абаронцаў бел-чырвона-белай сімволікі "агрэсіўна настроенымі", а міліцыя напісала пра тых, хто збіваў і затрымліваў Рамана, што яны "неабыякавыя грамадзяне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.