Гендырэктару Слуцкага сыраробнага камбіната пагражае да 10 гадоў зняволення
Такі ж тэрмін можа атрымаць і кіраўнік капыльскага філіяла прадпрыемства.
Абодва падазраюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. У Расію працяглы час пастаўлялася прадукцыя, якая не аплачвалася расійскім прадпрыемствам. Страты ад такой дзейнасці склалі каля 17,5 мільярдаў рублёў.
Вось што паведаміла ў каментары тэлеканалу АНТ Таццяна Беланог, афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення следчага камітэта па Мінскай вобласці:
"Следствам накладзены арышт на маёмасць падазраваных. У Расійскую Федэрацыю накіраванае даручэнне аб аказанні прававой дапамогі для правядзення неабходных следчых дзеянняў з удзелам службовых асоб расійскіх суб'ектаў гаспадарання, якія мелі ўзаемаадносіны з беларускім прадпрыемствам".
Дарэчы, гэтая крымінальная справа ўжо трэцяя за год, распачатая ў дачыненні кіраўнікоў слуцкіх прадпрыемстваў. Раней па падазрэнні ў карупцыйных злачынствах былі затрыманыя кіраўнікі мясакамбіната, а таксама дырэктар ільнокамбіната.
Фота — Fotolia