Галоўны трэнер ФК "Дынама-Мінск" звольнены пасля адпачынку

Вадзім Скрыпчанка

Вадзім Скрыпчанка / dinamo-minsk.by

Вадзім Скрыпчанка звольнены з пасады галоўнага трэнера футбольнага клуба "Дынама-Мінск". Як адзначае прэс-служба клуба, кантракт быў скасаваны па пагадненні бакоў.

"Звяртаем увагу, што ФК "Дынама-Мінск" быў зацікаўлены ў працягу працы з Вадзімам Віктаравічам, але ў выніку задаволіў просьбу спецыяліста аб датэрміновым завяршэнні працоўных адносін, якія пачаліся ў лістападзе 2022 года", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Клуб нагадвае, што менавіта пад кіраўніцтвам Скрыпчанкі каманда пасля 19-гадовага перапынку сталі чэмпіёнамі краіны ў 2023, а потым абаранілі гэты тытул у 2024-м. Таксама дынамаўцы прабіліся ў агульны этап Лігі канферэнцый-2024/25 і ўпершыню заваявалі Нацыянальны Суперкубак.

Мінскае “Дынама” — дзейны чэмпіён Беларусі, які ў цяперашнім сезоне ідзе на трэцім месцы, адстаючы ад лідара на 13 ачкоў.

У чэрвені дынамаўцы прайгралі дзяржынскаму "Арсеналу" (1:2), пасля чаго Скрыпчанка падаў у адстаўку. Кіраўніцтва клуба яе не прыняло, але галоўнага трэнера адправілі ў адпачынак. Падрыхтоўкай каманды на гэты час займаўся Аляксандр Паўлаў.

Як адзначаюць у клубе, Паўлаў цяпер будзе выконваць абавязкі галоўнага трэнера, у яго штаб увайшоў Дзмітрый Лянцэвіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.