ФК "Крумкачы" назваў свайго тытульнага спонсара — гэта "Крыніца"
29 снежня футбольны клуб "Крумкачы" назваў свайго тытульнага спонсара — гэта піваварная кампанія "Крыніца". З ёй ужо падпісаны першы спонсарскі кантракт, разлічаны на тры гады. Гендырэктар "Крумкачоў" Дзяніс Шунто назваў гэта гістарычнай падзеяй не толькі для клуба, але і для "Крыніцы", і "для ўсяго беларускага футбола і спорту". "Гэта выдатны прыклад таго, як ўзаемавыгадна можа ўзаемадзейнічаць беларускі спорт і беларускі бізнес", — цытуе яго словы прэс-служба футбольнага клуба.
"Крыніца" і раней цікавілася футболам. У красавіку 2015-га быў падпісаны кантракт з расійскім футбольным клубам "Зеніт" аб пачатку вытворчасці жывога квасу.
Сёлетні выхад мінскіх "Крумкачоў" (галоўны трэнер — Алег Дулуб) у эліту беларускага футбола стаў сенсацыяй. Каманда, якая пачынала як аматарская, імкліва прайшла шлях да прафесійнага футбольнага клуба, за два сезона "праляцела" праз другую і першую лігі ў вышэйшую. Паколькі каманда прыватная, узнікалі сумненні, ці здолее яна прайсці ліцэнзаванне і выступіць у наступным сезоне ў эліце. З'яўленне "Крыніцы" ў якасці спонсара гэтыя пытанні часткова мусіць зняць.
Гісторыя ФК “Крумкачы”: гулялі, ішлі на піва, трапілі ў вышэйшую лігу…
Фота: Еўрарадыё