ФК БАТЭ крэатыўна павіншаваў з юбілеем свайго дырэктара Анатоля Капскага
Футбольны клуб БАТЭ крэатыўна павіншаваў з 50-гадовым юбілеем свайго кіраўніка Анатоля Капскага. Гэты вядомы і ўплывовы менеджэр беларускага футбола адзначае дзень народзінаў 19 лютага.
На сайце барысаўскага клуба размешчаны відэаролік, у якім з віншавальнай прамовай выступае даўняя і адданая прыхільніца БАТЭ Валянціна Рамановіч, якая заўзее за каманду з 1998 года. Заўзятарка выказвае Капскаму падзяку за велізарны ўнёсак у развіццё любімага клуба і абвяшчае пра ўручэнне яму прыза фанатаў — крышталёвага футбольнага мяча.
Анатоль Капскі цягам дваццаці год ачольвае найбольш паспяховы беларускі футбольны клуб. Апошнія дзесяць гадоў БАТЭ ўтрымлівае тытул чэмпіёна Беларусі, тройчы выйграваў Кубак краіны і пяць разоў станавіўся ўладальнікам Суперкубка, што з’яўляецца рэкордам. Таксама барысаўскі клуб пяць разоў удзельнічаў у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў і двойчы ўдзельнічаў у 1/16 фіналу Лігі Еўропы.