Еўрадэпутат:Калі будучыя выбары пройдуць без змен, чыё гэта будзе “забалтванне”?

Еўрадэпутат:Калі будучыя выбары пройдуць без змен, чыё гэта будзе “забалтванне”?

Падчас выступу 21 красавіка ў парламенце з Пасланнем да беларускага народу і парламента Аляксандр Лукашэнка заявіў, што існуе рызыка “забалбатвання” працэсу нармалізацыі адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Пра тое, хто і якім чынам “забалтывае” гэты працэс, Еўрарадыё пацікавілася ў дэпутата Еўрапарламента Пятраса Аўштравічуса.

Па словах літоўскага палітыка, у Еўропе людзі перад тым, як кудысьці ісці, хочуць мець на руках мапу з канкрэтна пазначаным маршрутам.

Аўштравічус: “У Еўрасаюзе заўжды доўга гавораць, рыхтуюцца і толькі потым пачынаюць некуды рухацца. Да таго ж, Беларусь мае перад сабой вельмі дакладны план АБСЕ. Наколькі я ведаю, там 30 канкрэтных рэкамендацый па правах чалавека. Гэта не “забалтванне”, а канкрэтныя пажаданні і высновы. Але на сёння Мінск не гатовы да выканання гэтага плана. Гэта не “забалтванне”, а канстатацыя таго, што будучыя выбары рызыкуюць быць такімі ж, як і папярэднія. Гэта, у сваю чаргу, азначае, што Еўрасаюз згубіць твар. Бо санкцыі знятыя, пачаўся дыялог, але на самой справе няма ніякіх зменах. Толькі што палітычных зняволеных вызвалілі. Але што будзе тады? Гэта не “забалтванне” — гэта будзе яшчэ адна крытычная сітуацыя ў двухбаковых адносінах”.

ЕС зняў санкцыі з Беларусі (у "чорным спісе" засталіся толькі 4 чалавекі, якіх падазраюць у дачыненні да палітычных знікненняў людзей) у лютым 2016 года. Парламенцкія выбары пройдуць у нашай краіне ў пачатку восені.