ЕС мяркуе працягнуць санкцыі супраць Расіі на паўгода

Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза маюць намер працягнуць санкцыі супраць Расіі на паўгода і пашырыць “чорны спіс” расійскіх грамадзян і кампаній, у дачыненні якіх былі ўведзеныя абмежаванні. Пра гэта гаворыцца ў праекце дакумента, які трапіў у СМІ, паведамляе ВВС.

Праект выніковай заявы міністраў, якія збяруцца на экстранае паседжанне ў Бруселі ў чацвер, распаўсюдзіла паміж урадамі краін-сябраў ЕС Еўрапейская служба знешнепалітычнай дзейнасці.

У праекце дакумента гаворыцца пра рашэнне міністраў працягнуць дзеянне санкцыяў, уведзеных у сакавіку 2014 года і пазней дапоўненых, да верасня 2015 года, “з-за пагаршэння сітуацыі”.
 
Апроч таго, міністры заклікаюць Еўрапейскую службу знешнепалітычнай дзейнасці і Еўрапейскую камісію цягам тыдня падаць прапановы для пашырэння санкцыйнага спісу.