ЕС і ЗША абавязаліся ўзаемна забяспечваць энергетычную бяспеку
Энтані Блінкен і Жазэп Барэль / https://twitter.com/JosepBorrell
ЕС і ЗША абавязаліся ўзаемна забяспечваць энергетычную бяспеку, а таксама пераход да "зялёнай" эканомікі. Як паведамляе Euronews, на пасяджэнні ў Бруселі разглядаліся і пытанні ацяплення наступнай зімой ва Украіне і Малдове. У ім паўдзельнічалі кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Гаворка ішла таксама пра скарачэнне выкідаў у атмасферу вуглякіслага газу з дапамогай сучасных тэхналогій "пры захаванні сацыяльнай справядлівасці, каб сем'і пры гэтым не бяднелі".
ЕС і ЗША аб'ядналі намаганні, каб пакрываць энергетычныя патрэбы Украіны, якая абараняецца ад расійскіх агрэсараў. Разам са сваімі партнёрамі па "вялікай сямёрцы" яны паставілі Кіеву больш за 4 тысячы электрагенератараў, 1000 трансфарматараў і больш за 5 млн адзінак абсталявання для рамонту і замены зношанай ўкраінскай энергасістэмы.