Адміністрацыя калоніі ў Івацэвічах хавае эпідэмію каранавіруса — праваабаронцы

Каранавірус, ілюстрацыйнае фота

Каранавірус, ілюстрацыйнае фота

Эпідэмію каранавіруса зафіксавалі ў івацэвіцкай папраўчай калоніі №22 "Ваўчыныя Норы". Зняволеныя хварэюць цэлымі атрадамі, але скардзіцца ім забаронена, пішуць праваабаронцы.

Паведамляецца, што ў медчастцы калоніі нестае лекаў і вязняў лечаць парацэтамолам, як ад звычайнай прастуды. Але, як сцвярджае праект MAYDAY TEAM, сімптомы захворвання ідэнтычныя COVID-19. Гэтыя сімптомы вядомыя многім і без дактароў, бо падчас пандэміі амаль усе перахварэлі на кавід.

Праваабаронцы заяўляюць, што некалькі самых цяжкіх хворых ужо адправілі з калоніі ў Рэспубліканскую агульнасаматычную бальніцу ДВП МУС. Эпідэмія доўжыцца ўжо не менш за два тыдні, але адміністрацыя калоніі не хоча абвяшчаць каранцін, бо ў выніку давядзецца цалкам мяняць рэжым працы папраўчай установы. Пра недахоп лекаў кіраўніцтва калоніі казаць забараняе.

Таксама праваабаронцы адзнчаюць, што ў калоніі па-ранейшаму адбываюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні вязняў са сваякамі, хоць гэта пагражае небяспекай і сваякам асуджаных, і самім работнікам калоніі. А асуджаных з лёгкай формай захворвання прымушаюць выходзіць на працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.