"Дзяліць можна" — літоўскі дысідэнт Томас Венцлава пра беларускі герб "Пагоня"

Дзве версіі герба "Пагоня": літоўская і беларуская

Дзве версіі герба "Пагоня": літоўская і беларуская / @follow_by_white_rabbit

Літоўскі дысідэнт, літаратуразнаўца і паэт Томас Венцлава мяркуе, што "Пагоню" можна дзяліць паміж рознымі народамі. Пра гэта ён расказаў падчас публічнай лекцыі, якая адбылася ў панядзелак 24-га лютага ў варшаўскай прасторы "Робім разам".

Каб падмацаваць сваю пазіцыю, Венцлава ўспомніў гісторыю публічных абмеркаванняў спадчыны Вільні, якая адбылася з ім перад самым развалам СССР.

"Быў такі выпадак — калі Літва вызвалялася, мы з'ехаліся ў Рыме. Дэлегацыя эмігрантаў Літвы, удзельнікам якой быў і я. І там кіраўніком быў амерыканскі літовец Лазавайціс, які потым быў кандыдатам у прэзідэнты. Да нас туды прыехалі палякі ад руху "Салідарнасць".

І мы сталі расказваць, як мы цяпер вызваляемся ад савецкай улады. У працэсе паўстала пытанне — ці не паб'ёмся мы потым праз Вільню, як габрэі і арабы цяпер б'юцца праз Ерусалім. Не дай бог у нас такое".

Падчас з'езду выступіў Станіслаў Стома — дэпутат польскага Сейма ад каталіцкай партыі.

"Геніяльны чалавек. Яго называлі другім Рэйтанам [літоўскі шляхціц з беларускіх земляў, які выступіў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай у 18 стагоддзі — Еўрарадыё]. Дык вось Стома, калі прымалі новую рэдакцыю Канстытуцыі Польскай Народнай Рэспублікі, дзе было напісана, што ПНР звязаная непарыўнымі брацкімі вузамі з СССР, адзіны выступіў супраць гэтага.  

Пасля абмеркаванняў пайшлі з ім на П'яца Навона піць віно. І там ён мне сказаў:

"Вы, літоўцы, двойчы зрабілі нешта невераемнае. Першае — вы сталі асобнай і незалежнай краінай, чаго ніхто не мог чакаць. І таксама атрымалі сталіцу Вільню. Чаго таксама ніхто не мог чакаць. Гэта цуд гасподні ў абодвух выпадках".    

Я яму кажу: "Вільня — гэта наш Ерусалім". Станіслаў пагадзіўся, але адзначыў: "Так, але Ерусалім — сусветны горад. І Вільня таксама — сусветны горад. І вы, літоўцы, павінны дзяліць яго з усім светам, а не толькі з намі, палякамі, але і з беларусамі, габрэямі. Наогул з усімі".

Ён меў рацыю, я з ім пагадзіўся. І ўсё гэтак жа з нацыянальным гербам і нацыянальнай ідэяй. Яна ў нас адна — даганяць, "Пагоня".

 

Хто хоча забараніць беларусам "Пагоню"?

Гэтае меркаванне зрабілася актуальным у кантэксце публічнай дыскусіі, якую ініцыявала група з 70 літоўскіх грамадскіх дзеячаў. Яны звярнуліся да прэзідэнта Літвы, Міністэрства замежных спраў і Сейма з публічным лістом, каб забараніць беларусам у Літве выкарыстоўваць герб "Пагоня".

На думку заяўнікаў, літоўскі дзяржаўны герб "Віціс" і беларуская "Пагоня" — адзін і той жа сімвал. Яны лічаць гэта праявай "літвінізму" — беларускага нацыяналізму ў дыяспары Літвы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.