Міністр культуры Літвы назваў правакацыйным пытанне "Чый Крым?"

Ігнатас Адамавічус

Ігнатас Адамавічус / LRT

Міністр культуры Літвы, прадстаўнік партыі "Зара Нёмана" Ігнатас Адамавічус адмовіўся адказваць журналістам на пытанне "Чый Крым?" У інтэрв'ю парталу Lrytas палітык сказаў, што не хоча гаварыць на гэтыя тэмы.

"Гэта правакацыйныя пытанні, таму давайце нават не будзем да іх падыходзіць, таму што тут мы наогул не пра Міністэрства культуры гаворым", — перадае LRT словы Адамавічуса.

Праўда, пасля інтэрв'ю чыноўнік прапанаваў адказаць на гэтае пытанне яшчэ раз. "Гэта акупаваная тэрыторыя Украіны, якая цяпер знаходзіцца ў Расіі", – паправіўся міністр.

Прызначэнне Адамавічуса на пасаду міністра культуры выклікала шырокую хвалю абурэння сярод прадстаўнікоў сферы. У іх узніклі пытанні наконт кампетэнтнасці палітыка, яго здольнасцяў і неадназначных заяў.

На мінулым тыдні каля офіса прэзідэнта Літвы каля тысячы прадстаўнікоў культурнага сектара правялі акцыю з патрабаваннем, каб Міністэрства культуры не заставалася ў руках "Зары Нёмана". Дзеячы культуры таксама збіраюць подпісы пад адпаведнай петыцыяй — яе падпісалі ўжо больш за 67 тысяч чалавек. Акцыі пратэсту адбываюцца ў разнастайных культурных асяродках і ўстановах па ўсёй Літве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.