Дзве расійскія ракеты праляцелі над краінай NATO
Расійскія ракеты праляцелі над Малдовай і Румыніяй / Украбаронпрам, ілюстрацыйнае фота
Зранку 10 лютага падчас расійскай атакі на Украіну дзве расійскія ракеты перасяклі мяжу з Малдовай і паветраную прастору Румыніі. Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны.
"У 10:18 дзве расійскія крылатыя ракеты "Калібр" перасяклі дзяржаўную мяжу Украіны з Рэспублікай Малдова. Прыкладна ў 10:33 гэтыя ракеты перасяклі паветраную прастору Румыніі, пасля чаго зноў увайшлі ў паветраную прастору Украіны ў месцы перасячэння межаў трох дзяржаў", — напісаў Залужны.
Паводле ягонай інфармацыі, ракеты былі запушчаныя з акваторыі Чорнага мора. Нагадаем, што Румынія ўваходзіць у NATO.
У Мінабароны Малдовы пацвердзілі, што расійскія ракеты парушылі іх паветаную тэрыторыю, перадае УНІАН. Там кажуць, што ракета праляцела над сялом Мокра, а потым — над Касавуцамі.