"Дзеда Мароза" з Калінкавічаў асудзілі за навагоднюю страляніну па людзях

Пісталет, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
22-гадоваму жыхару Калінкавічаў прысудзілі чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Суд Жыткавіцкага раёна прызнаў яго вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, паведаміла пракуратура.
Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 1 студзеня 2025 года. Хлопец у касцюме Дзеда Мароза каля 3-й гадзіны ночы сустрэў у Калінкавічах кампанію раней незнаёмых яму людзей. Ён павіншаваў іх з Новым годам і прапанаваў тром мужчынам зрабіць сюрпрыз для іх сябровак. Усе разам мужчыны зайшлі за рог дома. Там "Дзед Мароз" падчас абмеркавання сюрпрызу выцягнуў пнеўматычны пісталет і стаў пагражаць новым знаёмым.
Паведамляецца, што ён прыстаўляў пісталет аднаму з мужчын да галавы, а потым чатыры разы стрэліў у паветра і ў зямлю. "Пасля таго як мужчыны пачалі сыходзіць ад абвінавачанага, ён зрабіў не менш за тры стрэлы ў галаву аднаму з іх. У выніку пацярпеламу прычыненыя ранкі левай шчакі і выцятая рана вушной ракавіны", — падзяліліся падрабязнасцямі ў пракуратуры.
На судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну. Акрамя абмежавання волі суд спагнаў з яго 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды на карысць пацярпелага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.