Дырэктарка фірмы абакрала заснавальніка на 1 млрд рублёў

Віцебскае ўпраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю выявіла, як дырэктарка фірмы скрала маёмасць заснавальніка гэтай жа фірмы. Як паведамляе БЕЛТА, жанчына была дырэктаркай фірмы з сакавіка 2013 года. Яна вырашыла прыўлашчыць нерухомасць у Віцебску і Полацку, а таксама два мікрааўтобусы "Рэно Майстар".

Спярша махлярка рэарганізавала фірму (ПГУП у ТАА), не маючы на гэта права. Для гэтага яна падала ў Полацкі райвыканкам фальшывыя дакументы пра нібыта праведзены сход заснавальнікаў. Дырэктарам новай фірмы яна прызначыла сябе, а ў склад заснавальнікаў увяла сваю маці. Прычым паводле статуту новай фірмы маці атрымала 98% статутнага фонду таварыства, хаця ўнесла толькі 10 тысяч рублёў. Ранейшы заснавальнік, ад імя якога ўносіліся два мікрааўтобусы, атрымаў толькі 2% статутнага фонду.   

Новая фірма атрымала ўсю маёмасць ранейшай. Пасля чаго ў кастрычніку 2014-га маці дырэктаркі прадала нерухомасць у Віцебску і Полацку, якія належалі ранейшаму заснавальніку. Ад продажу атрымалі 65 мільёнаў рублёў, хаця рынкавы кошт маёмасці перавышаў 950 мільёнаў. З улікам ранейшых двух мікрааўтобусаў, сума крадзенай маёмасці перавысіла 1 мільярд рублёў.

Па гэтым выпадку заведзеная крымінальная справа. Што будзе з маёмасцю заснавальніка фірмы, будзе вырашацца падчас расследавання.

Фота: kredist.ru