Другі блок Беларускай АЭС адключылі — спрацавала сігналізацыя
Беларуская АЭС / Euroradio
16 ліпеня персанал Беларускай АЭС адключыў ад сеткі другі энергаблок станцыі.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі, на станцыі спрацавала сігналізацыя пра адхіленні ў працы сістэмы астуджэння генератара. Гаворка ідзе пра няядзерную частку блока.
У ведамстве называюць сітуацыю штатнай і кажуць, што яна не ўяўляе пагрозы бяспечнай эксплуатацыі станцыі. "Радыяцыйны фон на АЭС і ў зоне назірання не змяняўся. Электразабеспячэнне спажыўцоў не парушалася", — адзначаюць у Мінэнерга.
На другім энергаблоку цяпер праводзяцца неабходныя дыягнастычныя мерапрыемствы для аднаўлення працы электратэхнічнага абсталявання.