У трох арганізацыях адбыліся затрыманні за хабарніцтва

Беларускія рублі, фота ілюстрацыйнае

Беларускія рублі, фота ілюстрацыйнае / sb.by

Тры затрыманні за хабар адбыліся на дзяржаўных прадпрыемствах, звязаных з энергетыкай, паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Ва ўсіх трох выпадках супрацоўнікі прадпрыемстваў атрымлівалі хабар ад таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца вытворчасцю і пастаўкай электратэхнічнага абсталявання. Назва гэтай арганізацыі не раскрываецца.

Сярод затрыманых — першы намеснік генеральнага дырэктара буйного мінскага прадпрыемства, якое займаецца мантажом і ўстаноўкай прамысловых машын і абсталявання. Супрацоўнікі ДФР затрымалі яго пры атрыманні хабару ў 134 тыс. рублёў, паведамляе КДК. Паводле дадзеных камітэта, затрыманы атрымаў грошы за лобіраванне інтарэсаў камерцыйнага прадпрыемства.

Другі затрыманы ўзначальваў аддзел на іншым мінскім прадпрыемстве, якое вырабляе электрарухавікі, генератары і трансфарматары. Паводле КДК, у сакавіку 2025 года ён атрымаў 5 тыс. рублёў хабару за зніжку, якую зрабіў пры продажы трансфарматарнай падстанцыі.

Таксама затрымалі вядучага інжынера па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам яшчэ аднаго сталічнага прадпрыемства. Цягам 2025 года, паводле КДК, ён атрымаў 3 тыс. рублёў за паскоранае адабрэнне актаў прыёмкі будаўніча-мантажных работ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.