Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў узмацняюць адказнасць за педафілію

У Палаце прадстаўнікоў разглядаюцца дадаткі і змены ў крымінальны, крымінальна-працэсуальны і крымінальна-выканаўчы кодэксы. Пра некаторыя з запланаваных зменаў журналістам распавяла старшыня камісіі па заканадаўстве Людміла Міхалькова.

Міхалькова: "Калі абвінавачаны ў цяжкім злачынстве, звязаным з забойствам, дае згоду на дасудовае пагадненне і выконвае ўсе яго ўмовы, то ў праекце меркавалася, што да яго не ўжываецца смяротная кара і пажыццёвае зняволенне. Мы прыйшлі да высновы, што калі гэта звязана з забойствам некалькіх асобаў, групавое злачынства, то гэта будзе празмерна мяккае пакаранне. Таму вырашылі адмовіцца ад смяротнай кары, але пакінуць пажыццёвае зняволенне або пазбаўленне волі на тэрміны, прадугледжаныя артыкуламі".

Таксама, па словах Міхальковай, узмацняецца адказнасць за педафілію: маскімальны тэрмін зняволення павялічваецца з 5 да 10 гадоў. Прычым абцяжарванай акалічнасцю будзе лічыцца, калі злачынства ўчыніў чалавек, які нясе адказнасць за дзіця — айчым, педагог ці лекар, які назіраў за дзіцем.

Змены ў артыкулы, датычныя незаконнага абарачэння наркотыкаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мяркуюць уносіць пасля з'яўлення дэкрэта Лукашэнкі.