Дапамога, праца: якія праблемы чакаюць экс-палітвязняў у эміграцыі

Арцём Задруцкі

Арцём Задруцкі / BGmedia

Праца, жыллё, адсутнасць разумення — з такімі праблемамі сутыкаюцца беларускія палітвязні, калі выязджаюць з краіны пасля вызвалення за мяжу.

Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё расказаў Арцём Задруцкі, які правёў тры гады ў калоніі па "справе Зельцэра".

 

"Візавая пастка"

Па словах Арцёма, першае, з чым сутыкаюцца палітвязні ў эміграцыі, гэта так званая "візавая пастка". Калі чалавек эвакуюецца з кароткатэрміновай візай (напрыклад, на тры месяцы), то на момант падачы дакументаў яе тэрмін заканчваецца, а разам з ім — права працаваць па гэтай візе ў новай краіне.

Белорусский политзаключённый в тюрьме
Арцём у турме

Чаканне рашэння па міжнароднай абароне ў Польшчы цяпер можа займаць больш за паўгода. У гэты перыяд чалавек можа працаваць толькі пры наяўнасці адпаведнага дазволу — альбо на падставе выдадзенай візы, альбо з дазволу Упраўлення па справах замежнікаў у Польшчы. У апошнім выпадку такі дазвол выдаецца толькі праз паўгода пасля падачы дакументаў.

"Для многіх палітвязняў праца — гэта таксама частка рэабілітацыі. Яны хочуць вярнуцца хутчэй у прафесію. У любым выпадку людзям трэба на нешта жыць. Таму што людзі кідаюць усё і часцяком выязджаюць з адным заплечнікам, экстрана і ў адзін момант", — тлумачыць Арцём.

Дарэчы, часам падацца на абарону ў Варшаве бывае няпроста. Акрамя таго, па так званым Дублінскім пратаколе падавацца на абарону трэба ў краіне першага ўезду, пра што многія спачатку не ведаюць — таму, напрыклад, атрымаць допабарону ў Польшчы, калі чалавек прыехаў спачатку ў Літву, не атрымаецца.

 

Пошукі працы былымі палітвязнямі

У Беларусі Арцём быў гукарэжысёрам, але за гады ў турме ён часткова страціў слых на адно вуха. Ён кажа, што былым палітвязням складана знайсці хоць нейкую працу, не кажучы ўжо пра працаўладкаванне па спецыяльнасці.

Пошук жылля ў эміграцыі

Іншы важны аспект у эміграцыі (напрыклад, у Варшаве) — жыллё. Арцём адзначае, што цяпер скарачаюцца праграмы шэлтараў. І каб не шукаць месца ў хостэле і, тым больш, не ісці жыць у лагеры ўтрымання замежнікаў, "які, па сутнасці, як турма", — дапамагаюць персанальныя зборы на BYSOL.

"Людзям трэба нейкі час пажыць проста банальна асобна. Гэта базавыя патрэбы па пірамідзе Маслоу — трэба недзе жыць, не ў будане. На жаль, незразумела чаму, не выпрацавалі нейкага сістэмнага падыходу ў фінансаванні такіх рэчаў", — адзначае Арцём.

 

Персанальныя зборы — гэта складана

Арцём Задруцкі звяртае ўвагу, што за гады пасля пратэстаў 2020 года не з'явілася "сістэмнай падтрымкі". Па яго словах, той, хто вызваліўся, можа атрымаць "нейкую разавую дапамогу, і на гэтым усё скончыцца".

"Незразумела, чаму за столькі часу не зрабілі дабрачынных фондаў накшталт як Мелінды і Біла Гейтса, якія яшчэ і займаюцца інвестыцыямі. Я не фінансіст і не разумею нейкіх канкрэтных працэсаў, якія павінны адбывацца, але я ведаю, што такое існуе, і яно працуе. І я не разумею, чаму дагэтуль такога не існуе ў рамках тых жа праграм, якія ёсць", — кажа Арцём.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.