Даходы Беларусі ад транзіту грузаў летась знізіліся на 3,2%

У 2014 годзе Беларусь знізіла прыбыткі ад транзіту грузаў па сваёй тэрыторыі ў параўнанні з папярэднім годам. Летась даходы склалі 3 мільярды долараў, што на 3,2% меней, чым у 2013 годзе. Пра гэта паведамляе РИА Новости са спасылкай на прэс-службу Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

Як адзначаецца ў паведамленні, не ўдалося нівеляваць негатыўныя наступствы эканамічных санкцыяў ЗША і Еўрасаюза у дачыненні Расіі і расійскага гандлёвага эмбарга ў дачыненні шэрагу тавараў з краін Еўрасаюза.

На мінулым тыдні Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі таксама паведаміў, што зафіксаваў зніжэнне ў 2014 годзе транзіту грузавога аўтатранспарту праз краіну прыкладна на 3% з-за эканамічнага спаду ў Расіі і ўведзенага ў жніўні расійскага эмбарга ў дачыненні шэрагу заходніх прадуктаў.