Да пяцігоддзя пратэстаў прапагандысты выпусцілі фільм пра ад'езд Ціханоўскай

Кадр з прапагандысцкага фільма

Кадр з прапагандысцкага фільма / АНТ

Да пятай гадавіны масавых пратэстаў у Беларусі лукашэнкаўская прапаганда выпусціла фільм пра ад'езд Святланы Ціханоўскай з Беларусі ў 2020 годзе. Ён выйшаў на тэлеканале АНТ увечары 6 жніўня.

У фільме сцвярджаецца, быццам Павел Латушка планаваў спаліць штаб апазіцыі на вуліцы Веры Харужай, таму Ціханоўскую было неабходна ратаваць. Пра гэта расказвае Аляксандр Гусак, які адказваў за бяспеку на мітынгах у падтрымку Ціханоўскай, а да таго ўзначальваў службу бяспекі штаба Віктара Бабарыкі. Сам Гусак зняўся ў прапагандысцкім фільме. Яго словы ў стужцы пацвярджае Мікалай Карпянкоў, які на той момант камандаваў ГУБАЗіКам.

У сюжэце гаворыцца, быццам Ціханоўская сама папрасіла дапамогі, каб пакінуць краіну. Начальнік аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка заяўляе, што з гэтай просьбай Ціханоўская прыйшла ў Цэнтрвыбаркам 10 жніўня.

"Пасля непрацяглай гутаркі яна выказала вось гэтае пажаданне, просьбу. /.../ Гэтым жа вечарам я прыбыў да яе дадому. Туды ж прыехала Марыя Мароз. Для яе гэта быў блізкі чалавек. На той момант яна была затрыманая. Ну, і вось з такой просьбай яна звярнулася. Увогуле, па ўсіх просьбах было прынята станоўчае рашэнне", — кажа Паўлючэнка. У фільме паказана, як Паўлючэнка перадае Ціханоўскай канверт і кажа: "Святлана, вось грошы, якія вы прасілі".

Пасля выхаду стужкі Ціханоўская расказала сайту "Зеркало", што канверт ляжаў у яе неадкрытым да выхаду фільму. У ім аказалася 15 тысяч еўра.

"Я тады знаходзілася пад велізарным эмацыйным ціскам. Я не была да такога гатовая і не ведала, як паводзіць сябе ў падобных сітуацыях. Пра гэты злашчасны канверт я не распавядала, таму што мне было сорамна, што ён у мяне апынуўся. Я не хацела да яго нават дакранацца.

Але раз ужо рэжым так турбуе лёс гэтых грошай, то давайце разам вырашым, куды пойдзе гэты "данат ад Лукашэнкі". Беларускім добраахвотнікам? Сем'ям палітвязняў? На культурныя праекты? І я ў чарговы раз заклікаю беларусаў: калі ў вас ёсць магчымасць, калі ласка, падтрымлівайце беларускія праекты і ініцыятывы", — сказала Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.